Разбурэнні, беспрацоўе, неабдуманае ўсеагульнае адзяржаўленне сродкаў вытворчасці, харчразвёрстка выклікалі незадаволенасць народа, асабліва сялянства. Прычынай цяжкага эканамічнага і палітычнага крызісу на рубяжы 1920–1921 гг. было разбалансаванне палітычных і эканамічных інтарэсаў. З’явілася новая эканамічная палітыка, распрацаваная У. Леніным і прынятая Х з’ездам РКП(б) у сакавіку 1921 г. Сутнасць нэпа зводзілася да максімальнага пад’ёму вытворчых сіл і паляпшэння становішча рабочых і сялян дзеля захавання савецкай улады. Галоўнай мэтай нэпа стала замена харчразвёрсткі харчовым падаткам.Дазвалялася здаваць зямлю ў арэнду і выкарыстоўваць наёмную працу пры ўмове, што члены сям’і наймальніка таксама працуюць. У гады нэпа ажыццяўляліся тры віды гандлю: прыватны, кааператыўны і дзяржаўны. Дзяржбанк ў канцы 1922 г. выпусціў новыя грашовыя знакі – чырвонцы. Былі адменены ўсе абмежаванні на сумы ўкладаў, якія маглі захоўваць грамадзяне і арганізацыі ў ашчадных банках.Дзяржава стала падтрымліваць дробныя і сярэднія прыватныя і кааператыўныя прадпрыемствы. Дазвалялася арэнда прамысловых прадпрыемстваў іншаземнымі фірмамі ў форме канцэсій. Радыкальныя змены адбыліся ў кіраванні дзяржаўнай прамысловасцю. Узнаўлялася грашовая аплата працы. Заняпаўшая ў гады вайны і рэвалюцыйных пераўтварэнняў эканоміка Беларусі з пераходам да нэпа пачала адраджацца. Аднак поспехі першых гадоў нэпа прынеслі і вялікія эканамічныя праблемы. Яны былі выкліканы крызісам збыту, які ўзнік у выніку няправільнай цэнавай палітыкі дзяржавы, вялікай розніцы паміж коштам прамысловых і сельскагаспадарчых тавараў. Разыходжанне ў цэнах прывяло да таго, што селянін за прададзеную прадукцыю мог набыць прамтавараў у параўнанні з даваенным часам у 7 разоў менш.Крызіс збыту абвастрыў фінансавую праблему. У ходзе пераадолення крызісу прымаліся меры па зніжэнні сабекошту прамысловай прадукцыі, цэн на тавары, скарачэнні накладных расходаў, удасканальвалася дзейнасць кіруючага апарату і інш. У выніку павысілася рэнтабельнасць прадпрыемстваў, узніклі ўмовы для зніжэння цэн на прамысловыя тавары. Хуткаму аднаўленню прамысловай вытворчасці садзейнічала не толькі новая эканамічная палітыка, але і творчая ініцыятыва рабочых, укараненне прагрэсіўных метадаў працы. Правядзенне ў жыццё новай эканамічнай палітыкі дазволіла ў кароткі тэрмін аднавіць прамысловасць, стабілізаваць эканоміку. Доля прыватніка ў валавой прамысловай прадукцыі зменшылася. У тых умовах выцясненне прыватніка было адной з памылак у справе кіраўніцтва эканомікай краіны.