Пачатак палітыкі беларусізацыі варта аднесці да чэрвеня 1924 г. З сярэдзіны 1923 г. і да сярэдзіны 1924 г. працэс беларусізацыі прайшоў першую фазу, на працягу якой вялася ў асноўным яе палітычная і ідэалагічная падрыхтоўка. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа праведзена ў 1926–1929 гг. Адным з напрамкаў нацыянальнай палітыкі з’яўлялася беларусізацыя дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, якая мела на мэце вывучэнне супрацоўнікамі беларускай мовы і перавод на яе справаводства. У ходзе беларусізацыі вырашалася задача больш актыўнага вылучэння на кіруючыя пасады прадстаўнікоў карэннага (не толькі беларускага) насельніцтва. Палітыка беларусізацыі закранула і войска. У 1923–1925 гг. праводзілася ваенная рэформа. Важным напрамкам беларусізацыі з’яўлялася нацыянальна-культурнае будаўніцтва. Шмат што было зроблена ў напрамку беларусізацыі ў выдавецкай справе. Значных поспехаў у гады правядзення палітыкі беларусізацыі дасягнулі беларуская літаратура, нацыянальны беларускі тэатр, музыка, жывапіс. Разглядаючы палітыку беларусізацыі ў 20-я гады, важна адзначыць, што яе ход меў пэўныя супярэчнасці і цяжкасці. Але, нягледзячы на супярэчнасці, цяжкасці і недахопы, палітыка беларусізацыі з’явілася практычнай спробай ва ўмовах савецкай улады ажыццявіць беларускае нацыянальнае адраджэнне.