Расійскія войскі, церпячы паражэнне за паражэннем у Польшчы, у ліпені 1915 г. здалі Варшаву. Фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У пачатку верасня 1915 г. расійская армія пакінула Вільню, Гродна, Ліду, Брэст і іншыя гарады Заходняй Беларусі. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск–Паставы–Баранавічы–Пінск. Значная частка тэрыторыі Беларусі апынулася пад германскай акупацыяй. У сувязі з наступленнем германскіх войск на ўсход рушыў вялікі паток бежанцаў з Польшчы, Літвы і заходніх паветаў Беларусі На захопленай Гегманіяй тэрыторыі Беларусі ўводзіліся розныя ваенныя павіннасці. На абаронныя работы прыцягвалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Пачаліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. Рэквізіцыі і прымусовыя работы на патрэбу фронту праводзілі і германскія ўлады. Акупанты сілаю забіралі ў сялян коней, кароў, іншую хатнюю жывёлу, прадукты, фураж, адзенне, абутак, прымушалі выконваць розныя павіннасці. У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі была мабілізавана і адпраўлена на фронт. З-за моцнага заняпаду сельскай гаспадаркі амаль перасталі паступаць на рынак прадметы першай неабходнасці, што выклікала рост дарагоўлі, зніжэнне жыццёвага ўзроўню народа. Пачынаючы з 1915 г., на Беларусі назіраецца нарастанне рабочага руху. У 1916 г. стачачны рух ахапіў 11 населеных пунктаў Беларусі. Асноўным патрабаваннем стачачнікаў з’яўлялася павышэнне заработнай платы. Аднак трэба адзначыць, што стачкі на Беларусі ў гэты час адбываліся разрознена, і, як правіла, у іх удзельнічала толькі частка рабочых. Масавага рабочага руху не было. Своеасаблівую форму на Беларусі ў гады вайны набыў сялянскі рух – разгром памешчыцкіх маёнткаў, харчовых магазінаў і лавак. Значна ўзраслі сялянскія хваляванні ў 1915 г. У сувязі з перанясеннем баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі і ростам рэквізіцый сярод сялян. Аднак у 1916–1917 гг. іх колькасць значна зменшылася. Ваенныя паражэнні расійскай арміі ў кампаніі 1915 г., няўдачы баявых дзеянняў у 1916 г., велізарныя людскія страты выклікалі нездаволенасць салдат. У войсках успыхнулі хваляванні, звязаныя з дрэнным забеспячэннем прадуктамі харчавання і абмундзіраваннем, недахопам зброі і боепрыпасаў. Расло дэзерцірства. 22 кастрычніка 1916 г. адбылося паўстанне салдат, казакоў і матросаў на размеркавальным пункце ў Гомелі. Паўстанне ўспыхнула ў сувязі з арыштам аднаго з казакоў. Паустанцы былі жорстка пакараны. Але спыніць працэс разлажэння арміі ўжо было нельга, яна паступова станавілася небаяздольнай.