Складанае слова – слова, якое складаецца з дзвюх ці больш асноў. Складаныя словы ўтвараюцца шляхам спалучэння пры дапамозе злучальных галосных ці без іх некалькіх слоў ці асноў: трохвугольнік, цёмна-зялёны.У складаных словах могуць быцть два націскі – асноўны і дадатковы- пабочны. Пабочны націск маюць словы, у якіх асноўны націск прыпадае не на першы склад другой часткі: чорнавалосы. Калі ж націск падае на першы склад другой часткі, то ў першай частцы пішацца а: даўганосы. Літара я пішацца ў першым перад націскным складзе: сінявокі; е – у словах, дзе націск падае на любы склад другой часткі, акрамя першага усенародны.Складаныя словы, у якіх першая частка лічэбнік адзін (адна), пішуцца як простыя словы незалежна ад націску ў другой частцы: аднагадовы.Пішуцца разам складанаскарочаныя словы ( райком, універмаг); іншамоўныя словы з пачатковымі агра-, аэра-, авія-, вела-, кіна-, фота- і іншыя: аграфірма, аэрастат, авіябаза, велапрабег, кінастужка, фотакамера; складаныя назоўнікі, прыметнікі, прыслоўі, першай часткай якіх з’яўляецца лічэбнік: двухпавярховы; парадкавыя лічэбнікі на –дзесяты, -соты, -тысячны, -мільённы, -мільярдны: пяцідзесяты; пачатковае паў- з агульнымі назоўнікамі: паўфінал; прыслоўі са словамі што: штогод.Пішуцца праз дэфіс словы, якія складаюцца з двух і болей самастойных назоўнікаў ці прыметнікаў: вагон-рэстаран; складаныя адзінкі вымярэння: кілават-гадзіна; складаныя ўласныя імёны: Дунін-Марцінкевіч; складаныя прыметнікі, утвораныя ад напрамкаў свету: паўночна-заходні. Калі ж у складаным прыметніку першая частка ўтворана ад назвы напрамку свету, а другая – ад іншага назоўніка, то праз злучок пішуцца толькі ўласныя назвы: Паўднёва-Афрыканская рэспубліка.Частка слова паў- пішацца праз дэфіс, калі стаіць перад уласным імем: паў-Гродна. З агульнымі назоўнікамі пішацца злітна: паўцукеркі.