Па меркаваннях вучоных, упершыню літарна-гукавое пісьмо было ўведзена ў сярэдзіне II тысячагоддзя да н. э. У IX стагоддзі да н. э. узнікла грэчаскае пісьмо, якое ў сваю чаргу паслужыла узорам для стварэння ў 863 годзе пісьма славянскага. У гонар выдатнага асветніка Канстанціна (у манастве — Кірыла) адна з першых славянскіх азбук атрымала назву кірыліцы. Сучаснае беларускае (а таксама рускае, украінскае, сербскае, бал-гарскае) пісьмо — гэта рэфармаваная і відазмененая на працягу стагоддзяў кірыліца. Напачатку кірыліца налічвала 43 літары, пазней была спрошчана і ўдасканалена. Вялікую ролю ў развіцці кірыліцкага пісьма адыграла кнігадрукаванне, заснавальнікам якога ва ўсходніх славян быў Францыск Скарына (1517). 3 таго часу ў беларускім пісьменстве ўжываюцца і рукапісныя і друкаваныя літары. У шрыфце Ф. Скарыны з'явіліся літары загалоўныя і радковыя. Гэты шрыфт стаў узорам для пазнейшых беларускіх друкароў. У 1708 годзе загадам Пятра I у Расіі была праведзена рэформа кірыліцкага пісьма. Абрысы літар былі спрошчаны, некаторыя літары ліквідаваны. Замест старых назваў (азъ, буки, вЪди) былі прыняты сучасныя (а, бэ, вэ і г. д.). Рэфармаваная кірыліца атрымала назву грамадзянскай азбукі. Узоры літар «грамадзянкі» стварыў для Пятра I беларускі асветнік Ілья Капіевіч. 3 1708 года ў кірыліцкім алфавіце узаконены літары э, я, з 1735 — й, з 1797 — ё. У беларускім варыянце кірыліцы паступова замацаваліся літары і, ў, выпалі и, щ, ъ, у выніку сфарміраваўся алфавіт, якім мы карыстаемся ў наш час. На тэрыторыі Беларусі ўжываліся і іншыя сістэмы пісьма. Так, пасля забароны выкарыстоўваць беларускую мову ў справаводстве (1696) разам з польскай мовай пачынае ўкараняцца лацінская графіка. Лацінка ў яе польскім варыянце шырока выкарыстоўвалася на працягу XVIII—XIX стст. і ў творах, напісаных па-беларуску. У пачатку XX ст. на Беларусі фактычна суіснавалі дзве графічныя сістэмы — лацінка і кірыліца. Аднак паступова перамагла і прыжылася кірыліца як алфавіт, лепш прыстасаваны для перадачы асаблівасцей беларускага вуснага маўлення.